Лідзія Заблоцкая ў тройцы лідараў дзіцячага "Еўрабачання"
Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" заняла 3 месца. У фінале конкурсу песня 13-гадовай Лідзіі Заблоцкой з Магілёва атрымала 99 балаў. Перамогу ў конкурсе групе з Грузіі "Кендзі" прынесла салодкая музыка.
На другім месцы - спявачка з Нідэрландаў Рэйчэл Траетс з песняй "Тынэйджары". Усяго сёлета ў дзіцячым "Еўрабачанні" прымалі ўдзел юныя выканаўцы з 13 краін.
Прадстаўніца нашай краіны выступала дзясятай. На сцэну разам з салісткай вышлі двое юных скрыпачоў - Піліп Салата і Насця Маляваная.
(Лідзія Заблоцкая, удзельніца Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2011")
Варта таксама нагадаць, што Беларусь заўсёды ўдала выступае ў дзіцячым "Еўрабачанні". У 2005 году лепшай стала Ксенія Сітнік, у 2007 - Аляксей Жыгалковіч. У 2006 году Андрэй Кунец заняў другое месца.
"Мая мара здзейснілася! Я з самага дзяцінства марыла прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні!" - гэтыя словы юная пераможца нацыянальнага адбору вымавіла пасля абвяшчэння вынікаў галасавання. Лідзіі Заблоцкай 13 гадоў. Яна нарадзілася ў старажытным беларускім горадзе Магілёве. Упершыню выйшла на сцэну ва ўзросце 4-х гадоў і адразу заваявала прызнанне публікі. "Залаты голас", "Чароўны малы" - яе першыя сцэнічныя тытулы. Прыступка за прыступкай, конкурс і зноў конкурс, у 2010-м годзе яна спрабавала свае сілы ў нацыянальным адборачным туры "Песня для "Еўрабачання" і заняла 4-е месца, а праз год паднялася на першую прыступку.
Лідзія паспяхова сумяшчае вучобу ў 8-м класе гімназіі з ігрой на фартэпіяна і заняткамі вакалам у студыі "Натхненне". Дружная сям'я Заблоцкіх падтрымлівае творчыя імкненні Ліды. Магчыма, яе малодшыя брат і сястра - двайняткі Максім і Маша - пойдуць па слядах старэйшай сястры. Вольнага часу ў дзяўчынкі не так ужо шмат, яна стараецца бавіць яго з сябрамі і блізкімі, шмат чытае і слухае музыку.